TOP песен исполнителя
"Янка Купала"
    название:

    Прарок (19)


    автор:

    Янка Купала


    жанры: poetry, belarusian
    рейтинг: ★★★★★ / 5.1 / 1107 просмотров
    Сярод маны, сярод насмешкаў,
     Знак нейкі тулячы к грудзям,
     Ішоў прарок пясчанай сцежкай
     З навукай новаю к людзям.
    
    Праціўны вецер лез у вочы
     I плачам пеў, як дзіцянё,
     Звяр'ё зубамі йграла ўночы,
     Днём выла ў небе груганнё. 
    
    А ён, не знаючы граніцаў,
     Ішоў, хістаючысь наўслонь;
     Агонь біў толькі з-пад зраніцаў,
     Вялікіх праўд святы агонь. 
    
    Душа палала дзіўным жарам,
     Бы з зораў выснутая ніць,
     Што свет магла б сваім пажарам
     Абвіць і к сонцу ўваскрасіць.
    
    Ужо з сваім аклічным словам
     Прарок далёка быў вядом,
     Народу шмат збудзіў к дням новым,
     Даў славу братнюю братом. 
    
    Аж так дасяг – аквечан хвалай –
     Зямлі забранай сумных хат,
     Дзе царства цемры панавала,
     Дзе сілу ўзяў над катам кат. 
    
    Народ змарнеўшы таго краю
     Свайго нат імені не знаў,
     Як непатрэбшчына якая,
     Гібеў на свеце і канаў. 
    
    Галовы людзі пахіліўшы,
     Зямлю капалі, як краты,
     Ўтапіўшы ў мёртвай ночнай цішы
     Усе жаданні яснаты. 
    
    Прарок – пасол святла – ў загону
     Людзей убачыўшы такім,
     Маячыць стаў ім, як шалёны,
     Прарочым голасам сваім: 
    
    «Паўстаньце, рабскія натуры,
     Пакіньце свой адвечны сон,
     Загаманіце віхрам, бурай,
     Каб ажна дрогнуў ваш палон! 
    
    Глядзіце: прадзедавы косці
     Ў зямлю калісь за вас ляглі,
     А вы, як збэшчаныя госці,
     Пракляццем сталі той зямлі. 
    
    Дзе вашы песні жыватворны?
     Дзе ў вас прарокі й дудары,
     Што над пагібельнасцяй чорнай
     Віталі б полымем зары? 
    
    Забылі ўсё, згубілі долю,
     Змяшалі славы цвет з гразёй
     I запрадаліся ў няволю,
     З душой і скурай счэзлі ў ёй. 
    
    Пара у рукі браць паходні,
     Ўставаць, ісці, ноч рассвятляць!
     Бо што не возьмеце сягоння,
     Таго і заўтра вам не ўзяць. 
    
    Назло крывавым перашкодам
     Скідайце ёрмы, клічце сход,
     I дайце знаць другім народам,
     Які вы сільны йшчэ народ!
    
    За мной, за мной, забраны людзе!
     Я добрай доляй послан к вам
     I знаю, што было, што будзе,
     I вас у крыўды не аддам». 
    
    Так гаварыў і з рабства клікаў
     Людзей на волю той прарок,
     Ждучы з трывогаю вялікай
     Ад іх адказу неўнарок. 
    
    А людзі, глянуўшы на сонца,
     Адказ казалі грамадой:
     – Па колькі ж нам дасі чырвонцаў,
     Калі мы пойдзем за табой?
    
    Дарэвалюцыйныя вершы 1912

    Послушать/Cкачать эту песню
    Mp3 320kbps на стороннем сайте
    Это интересно: Іван Луцэвіч нарадзіўся ў фальварку Вязынка Вілейскага павета ў сям'і арандатара. Паходзіць са збяднелай шляхты. Старэйшы продак па бацьку ўпамінаецца ў дакументах XVII ст. Маці — рубяжэвіцкая шляхцянка Бянігна Луцэвіч.Скончыў Беларуцкае народнае вучылішча (1898). Пасля смерці бацькі (1902) працаваў на гаспадарцы, потым хатнім настаўнікам, пісарам у судовага следчага ў Радашковічах... подробнее
    А как ты думаешь, о чем песня "Прарок (19)" ?
    2010-2020 © WebKind.Ru Тексты песен